За гэтымі публікацыямі стаіць велізарная праца Беларускага расследвальніцкага цэнтра, з кіраўніком якога мы паразмаўлялі.
«Супрацоўнікі беларускай разведкі пад фальшывымі імёнамі трапілі ў апазіцыю і да валанцёраў».
«За 22 месяцы Беларусь адправіла ў Расію амаль 10 тысяч мікрасхем заходняй вытворчасці на больш чым на $ 125 млн, якія патрэбны для выпуску ваеннай тэхнікі».
«Самаабвешчаная рэспубліка Абхазія перадала зямлю на беразе Чорнага мора кампаніі, звязанай з паплечнікам Аляксандра Лукашэнкі - Віктарам Шэйманам».
За гэтымі ды іншымі гучнымі публікацыямі адносна дзеянняў рэжыму Лукашэнкі стаіць Беларускі расследвальніцкі цэнтр (БРЦ) — структура, якая аб’ядноўвае незалежных следчых журналістаў.
Мы паразмаўлялі са старшынём БРЦ Станіславам Івашкевічам пра тое, ці даводзілася займацца расследаваннем дзейнасці беларускага рэжыму ў Польшчы.
— Усе нашыя расследаванні звязаныя з Беларуссю, але цяпер значную частку нашых расследавання займае абыход санкцый. Гэта мае дачыненне да суседніх краін, і тыя схемы карупцыі, што мы працягваем расследаваць, маюць міжнародны след, у прыватнасці міжнародныя шляхі вываду грошай. Таму мы часта робім расследаванні з партнёрамі з дадзеных краін. Калі казаць пра Польшчу, мы рабілі расследаванне пра нелегальную міграцыю ў Польшчы, пра схемы з прыкметамі карупцыі, якія вядуць у кіраўніцтва Памежным камітэтам ды Ўзброеных сіл Беларусі. Таксама рабілі расследаванне пра абыход санкцый разам з польскімі СМІ, як Fundacja Reporterów ці «Gazeta Wyborcza». Нядаўна супольна з «Rzeczpospolita» мы рабілі расследаванне пра беларускіх шпіёнаў, якія дзейнічаюць у тым ліку ў Польшчы.
Які Ваш досвед адносін з польскімі дзяржаўнымі структурамі? Якое іх стаўленне да Вас: дапаможнае, нейтральнае, ігнаруючае?
— Мы імкнёмся да таго, каб тыя тэмы, якія маюць важны аспект у суседняй краіне, рабіць супольна з вялікім паважаным выданнем у гэтай краіне, каб яны бралі на сябе камунікацыю па адладжаных каналах з мясцовымі органамі. Самі мы з польскімі ўладамі камунікавалі даволі мала, пакідаем гэта на партнёрах.
Польскія СМІ ды расійскія незалежныя выданні пісалі пра тое, што праз Польшчу працягваюцца пастаўкі санкцыйных тавараў праз Беларусь у Расію? Чаму так адбываецца? Ці польскі бок не ў стане гэта спыніць, ці ня хоча?
— Справа ў тым, што пастаўкі санкцыйнай прадукцыі — гэта вялізарны і шматмільярдны бізнес. Тыя, хто на ім зарабляюць звышпрыбыткі, пастаянна налоўчваюцца прыдумляць новыя схемы. Не заўсёды лёгка санкцыйным органам за гэтым усачыць. Тым больш што дагэтуль ЕС упершыню пачаў прыкладаць высілкі, каб зрабіць санкцыі рэальным дзеяннем эканамічнага ўплыву. Раней санкцыі неслі больш сімвалічны сэнс, а больш адчувальныя прымаліся ААН. Да таго ж улады розных краін вучацца на хаду. Праблема такая, што для таго, каб прыняць папраўкі ў санкцыйнае заканадаўства, ці ўвесці санкцыі супраць канкрэтнага гаманца ці коду тавараў, патрабуецца аднагалоснае рашэнне ўсіх краін ЕС. Гэта складаны бюракратычны працэс.
Выкананне санкцыйных рашэнне адбываецца індывідуальнай кожнай краінай асобна, зазначае наш суразмоўца.
— Кожная з краін ЕС інтэрпрэтуе санкцыі па-свойму. Ёсць некаторыя краіны, якія ставяць за мэту сабатаваць дзе-нідзе санкцыі. Гэта тэма аднаго з нашых будучых расследаванняў, таму пакуль прытрымаю канкрэтыку да публікацыі. Польшча, на маю думку, не адносіцца да тых краін, якія спрабуюць сабатаваць. Напрыклад, мы зрабілі расследеванне ў снежні 2022 –га году пра тое, як падсанкцыйная драўніна трапляла ў ЕС з Беларусі пад выглядам казахскай ці кіргізскай. У нас былі партнёры ў Літве ды Польшчы. Пасля публікацыі ў Літве ў студзені 2023-га года імпарт кіргізскай драўніны ў Літву абнуліўся.
У Польшчы спачатку рэакцыя была менш заўважная, зазначае Станіслаў івашкевіч.
— Да таго часу, пакуль мы не правялі новае расследаванне, як гэтыя схемы пераключыліся на Польшчу і павялічыліся. Мы зрабілі расследаванне з уплывовай «Gazeta Wyborcza» у сакавіку 2023-га года і тады на наступны месяц мы ўбачылі адразу эфект, што польскія ўлады прыпынілі гэтую схему. 60-мільённы імпарт казахскай драўніны абрынўся ў чатыры раз у наступны месяц.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч
Слухайце размову ў аўдыяфайле!